АПАТЫ́ТАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. агрэгаты, у якіх ёсць апатыт у колькасцях і формах, што адпавядаюць умовам прамысл. перапрацоўкі. Па колькасці фосфарнага ангідрыту P2O5 апатытавыя руды падзяляюцца на багатыя (больш за 18%), бедныя (5—8%) і збедненыя (3—5%). Па ўмовах утварэння вылучаюць эндагенныя (у масівах шчолачных магматычных парод), экзагенныя (радовішчы выветрывання) і метамарфізаваныя (пераўтвораныя) радовішчы. Найбольшае прамысл. значэнне маюць магматычныя радовішчы, звязаныя з масівамі нефелінавых сіенітаў (P2O5 16—19%). Апатытавыя руды выкарыстоўваюцца для вытв-сці мінер. угнаенняў, фосфарнай кіслаты, розных соляў, у металургіі, керамічнай, шкляной і хім. прам-сці. Найбольшыя запасы апатытавых руд у Рас. Федэрацыі. Бразіліі, ПАР, Фінляндыі, Угандзе, Нарвегіі, Зімбабве, Канадзе, Іспаніі, Індыі.
т. 1, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)